На абшарах Інтэрнэта можна знайсці вялікую колькасць інтэрактыўных дадаткаў і канструктараў тэстаў, якія могуць быць паспяхова рэалізаваны ў адукацыйным працэсе. Аднак, на жаль, не ўсе дадаткі могуць быць выкарыстаны настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры.
Прапануем азнаёміцца з сэрвісам LearningApps, які з’яўляецца дадаткам Web 2.0.
LearningApps – сэрвіс для стварэння электронных навучальных рэсурсаў, а канкрэтна – разнастайных тэставых заданняў, развіццёвых інтэрактыўных гульняў, крыжаванак, віктарын і г.д.
Чым можа зацікавіць сэрвіс LearningApps?
Ён універсальны па многіх прычынах:
мае вельмі просты і зручны для карыстання інтэрфейс, зразумелуюнавігацыю і прыемны дызайн;
дазваляе працаваць з беларускамоўнай версіяй інтэрфейсу;
дае магчымасць ствараць дыдактычныя матэрыялы на 20 мовах свету, у тым ліку і на беларускай (для выбару патрэбнай мовы неабходна ў правым верхнім куце старонкі сайта выбраць піктаграму з адпаведным сцяжком);
дазваляе ствараць розныя віды інтэрактыўных практыкаванняў без чыёй-небудзь падказкі, бо усе падказкі размешчаны ў шаблонах практыкаванняў;
перш чым стварыць новае практыкаванне, можна азнаёміцца з прыкладам і адразу ж убачыць канчатковы вынік;
можна карыстацца ўжо створанымі практыкаваннямі нават без рэгістрацыі, бо яны знаходзяцца ў агульным доступе.
Недахопаў у дадзенага інтэрнэт-рэсурсу практычна няма. Акрамя таго, мабыць, што працаваць з ім можнатолькі ў рэжыме анлайн.
Дзясяткі гатовых шаблонаў дазваляюць ствараць заданні і трэнінгі любой структуры, уключаючы ў іх не толькі тэкст, але і выявы, аўдыё- і відэаролікі. Шаблоны згрупаваны па структурна-функцыянальнай прыкмеце:
практыкаванні на выбар правільных адказаў;
заданні на ўстанаўленне адпаведнасці;
заданні на вызначэнне правільнай паслядоўнасці;
практыкаванні, у якіх трэба ўставіць правільныя адказы ў патрэбныя месцы;
практыкаванні-спаборніцтвы, пры выкананні якіх вучань спаборнічае з камп’ютарам або іншымі вучнямі і г.д.
Стварыўшы заданне, можна тут жа апублікаваць або захаваць яго для асабістага карыстання. Асноўная ідэя практыкаванняў сэрвіса заключаецца ў тым, што вучні могуць праверыць і замацаваць свае веды ў прывабнай для іх гульнёвай форме. Сэрвіс арыентаваны на школьны ўзрост.
Прапануем пакрокавую інструкцыю працы ў сэрвісе LearningApps.